КАНТА́КТАВАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць прылад для перадачы эл. энергіі ад цягавых падстанцый электравозам, трамваям, тралейбусам і інш. Перадача энергіі ажыццяўляецца праз слізгальны кантакт паміж кантактавым провадам (ці рэйкай) і токаздымнікам рухомага саставу.

Кантактавы провад размяшчаюць над рэйкамі (напр., трамвайнымі) або ўздоўж трасы бязрэйкавага транспарту (тралейбусаў), кантактавую рэйку — на ўзроўні хадавых частак. напр., метрапалітэна. Кантактавы провад прымацоўваюць да апор з дапамогай гнуткіх элементаў (тросаў ці дратоў), спец арматуры і ізалятараў. Для надзейнай работы К.с. дзеляць на секцыі. Пры рамонтных работах, якія патрабуюць зняцця напружання, адключаюць толькі адну секцыю без парушэння сілкавання астатніх участкаў.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)